сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.